c20cfcc6

Лондон Джек - Мечаны (На Белорусском Языке)



Джэк Лёндан
Мечаны
Пераклад: Уладзiмiр Чаркас
Цяпер я не вельмi высокай думкi пра Стывена Макея, хоць быў час, калi я
кляўся яго iмем. Я любiў яго некалi, як свайго роднага брата. А цяпер, калi
давядзецца зноў сустрэцца з iм, я за сябе не ручаюся. У мяне проста ў галаве
не месцiцца, як чалавек, з якiм я дзялiў харч i коўдру, з якiм перабiраўся на
сабаках цераз Чылкуцкi перавал, мог зрабiць такую подласць. Я заўсёды лiчыў
Стыва чэсным хлопцам, добрым таварышам, у натуры ў якога не было нi кроплi
помслiвасцi цi злосцi. Не, больш нiколi не буду давярацца свайму ўменню
разбiрацца ў людзях. Вы папытаецеся чаму? Таму, што я выхадзiў гэтага
чалавека, калi ён трызнiў у тыфознай гарачцы, мы разам здыхалi ад голаду каля
вытокаў Сцюарта, ён выратаваў маё жыццё на Малым Ласосе; i пасля ўсяго гэтага,
пасля столькiх разам пражытых гадоў адно, што я магу сказаць пра Стывена
Макея, - паганца такога я яшчэ не сустракаў.
Мы выправiлiся на Кландайк восенню 1897 года ў час "залатой лiхаманкi",
але выйшлi вельмi позна i не паспелi перабрацца цераз Чылкуцкi перавал да
замаразкаў. Мы ўжо прайшлi кавалак дарогi, цягнучы на сабе наш рыштунак.
Пайшоў снег. Мы вымушаны былi купiць сабак, каб прадоўжыць наша падарожжа на
нартах. Так i трапiў да нас той самы Мечаны. Сабакi тады былi дарагiя, i за
Мечанага мы заплацiлi сто дзесяць даляраў. На выгляд ён быў варты гэтых
грошай. Я кажу "на выгляд", бо ён быў самы прыгожы сабака, якога я
калi-небудзь бачыў на сваiм вяку. Важыў ён шэсцьдзесят фунтаў i меў усе якасцi
добрага ездавога сабакi. Мы нiяк не маглi вызначыць яго пароду. Ён не быў нi
лайкай, нi мэлмутам, нi эскiмоскiм сабакам; ён падобны быў на iх усiх i ў той
жа час - нi на кога. Было ў iм нешта i ад эўрапейскага сабакi: на адным баку ў
яго сярод жоўта-рыжых i папялiста-белых узораў красавалася чорная, быццам
вугаль, лапiна велiчынёю з патэльню. За гэтую лапiну мы i далi яму мянушку
Мечаны.
Сабака быў сапраўдны прыгажун. Калi ён быў у форме, мускулы выпiналiся пад
скурай. На ўсёй Алясцы не знайсцi было здаравейшага i разумнейшага на выгляд
сабакi. Даволi было толькi зiрнуць на Мечанага, каб вызначыць, што ў запрэжцы
ён зможа цягнуць за трох сабак адной з iм вагi. Можа, ён i мог, але ж я нiколi
гэтага не бачыў. Розум яго скiроўваўся не на гэта. Вось красцi ён умеў
дасканала. Мечаны вызначаўся адной вельмi агiднай асаблiвасцю: ён заўсёды
ўгадваў, калi прадбачыцца работа, i заўсёды ўмеў уцячы ад яе. У яго быў нейкi
незвычайны талент - своечасова згубiцца i своечасова знайсцiся. Але як толькi
даходзiла да работы, Мечаны зусiм трацiў кемлiвасць i ператвараўся ў
бездапаможную, дрыжачую, як кусок студзеня, скацiну, - сэрца аблiвалася крывёю
ад жалю да яго.
Iншы раз мне думаецца, што прычына гэтага зусiм не тупасць. Магчыма,
Мечаны таксама, як i некаторыя людзi, якiх я ведаў у свой час, быў занадта
разумны для таго, каб працаваць. Я не здзiўдюся, калi пры ўсёй яго кемлiвасцi,
ён проста ашукваў нас. Магчыма, ён добра памеркаваўшы, вырашыў, што лепей
няхай сяды-тады налупцуюць, чым штодзень працаваць, хоць i не лупцуюць. На
такiя прыкiдкi ў Мечанага розуму хапiла б.
Ведаеце, бывала, сяду, зiрну яму ў вочы i такiм розумам яны свецяцца, што
ў мяне пачынаюць мурашкi па спiне бегаць i дрыжыкi бяруць. Нават не магу
словамi выказаць, якiм розумам яны свяцiлiся. Гэта вышэй за ўсякiя словы. Я
бачыў гэта - вось i ўсё тут. Глянуць Мечанаму ў вочы iншы раз было тое самае,
што зазiрнуць у чалавечую душу. Тое, што бачыў я тамака, пужал



Содержание раздела